top of page

“Я хачу заслужыць ордэн, як мой дзядуля!”

  • Анна Рудская
  • 5 дек. 2016 г.
  • 3 мин. чтения

Нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, 11-класнік Максім Шмігера імкнецца быць у віры грамадскага жыцця.

Назірала за гэтым юнаком і думала аб тым, колькі ў яго сілы волі і мужнасці. Ён такі адкрыты, жыццярадасны, быццам выпраменьвае нейкае асаблівае святло, шчыра радуецца ўсяму, што яго акружае, а практычна прыкаваны да інваліднай каляскі… Але хіба гэта перашкода для зносін з равеснікамі, калі побач добрыя людзі?

Дабрацца ў першую гарадскую школу на класную гадзіну ў свой 11 “А” Максіму Шмігера дапамагла яго мама Марыя Янаўна. Для іх сям’і гэта быў асаблівы дзень: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Іванаўна Канапацкая, якая займаецца з Максімам дома, арганізавала класную гадзіну, прысвечаную … яго дзядулі -- Яну Феліксавічу Місюку, нашаму знакамітаму земляку, механізатару калгаса “1 Мая”. Гэты чалавек у 31 год быў узнагароджаны ордэнам Леніна, а ў 36 стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.

-- Кожны раз, калі прыходжу на заняткі да Максіма, ён расказвае мне пра свайго любімага дзядулю, які, на жаль, паўгода таму пайшоў з жыцця, -- тлумачыць Вольга Іванаўна. – Адчуваецца, наколькі гэты чалавек быў важны і патрэбны для юнака і наколькі яго цяпер не хапае. Паразважаўшы, я падумала: а чаму б не расказаць пра знакамітага механізатара выпускнікам нашай школы? Няхай ведаюць герояў сваёй малой радзімы. І Максіму будзе прыемна. А да гэтай падзеі мы вырашылі прымеркаваць яшчэ адну – не менш важную для майго асобага вучня. Ён ужо даўно марыў стаць членам БРСМ.

Шчырай і надзвычай цёплай атрымалася сустрэча. Марыя Янаўна Шмігера расказала рабятам пра свайго бацьку, успомніла, як праходзілі яе дзіцячыя і юнацкія гады побач з родным чалавекам, які вельмі любіў сваіх пецярых дзяцей – трох сыноў і дачушак.

-- Помню, тата часта накіроўваўся ў розныя паездкі, яго запрашалі выступаць на розных форумах і заўсёды ён вяртаўся дамоў з вялікіх гарадоў у прыўзнятым настроі і прывозіў нам … мандарыны, -- узгадвала Марыя Янаўна, дарэчы, самая малодшая ў сям’і Місюкоў. – Мы яго чакалі з нецярпеннем. Тата цэлымі днямі прападаў на рабоце, працаваў да позняга вечара. У яго было многа розных узнагарод, нават машыну “Масквіч” атрымаў за сумленную працу. Выхоўваць нас дапамагала бабуля. Усіх дзяцей прывучалі да працы: мы палолі буракі, убіралі сена, салому, даглядалі жывёлу… Але бацькі лічылі, што наш галоўны абавязак – вучыцца.

Практычна з самага дзяцінства ведаў Я.Ф. Місюка сённяшні старшыня Шчучынскага сельвыканкама С.Я. Возны, які пасля заканчэння Гродзенскага сельгасінстытута прыйшоў працаваць загадчыкам участка “Янчукі”.

-- Гэты чалавек быў майстрам высокіх ураджаяў, ён умеў працаваць з поўнай аддачай, не шкадуючы сіл, -- успамінаў Станіслаў Яўгенюшавіч. – Аднойчы гаспадарка атрымала новы нямецкі камбайн, які, безумоўна, перадалі лепшаму механізатару. Гэта была навінка на той час. Але Ян Феліксавіч вельмі хутка разабраўся, як цяпер бы сказалі, з інавацыямі і стаў працаваць з падвоенай энергіяй. Ніколі не адмаўляўся перадаваць свой вопыт моладзі. Пасля таго як выйшаў на пенсію, гэты адказны, сумленны працаўнік быў старастам вёскі Янчукі.

Максім уважліва слухаў успаміны пра свайго дзядулю. А потым прызнаўся, што Ян Феліксавіч для яго – прыклад ва ўсім. Менавіта дзед навучыў яго таму, што павінен умець кожны сапраўдны мужчына: забіваць цвікі, рубаць дровы… Яны разам рамантавалі тэхніку, хадзілі па грыбы… А каб Максіму было лягчэй рухацца, дзядуля змайстраваў для яго палачку.

-- Менавіта дзядуля падвесіў для мяне на старой яблыні арэлі, на якіх я так любіла катацца, -- унесла свой штрых у агульны расказ сястрычка Максіма Даша. – А таксама рамантаваў веласіпед, калі ён ламаўся. Дзядуля быў самы добры, і мы заўсёды будзем помніць яго…

Напэўна, Ян Феліксавіч адобрыў бы імкненне свайго ўнука ўступіць у рады маладзёжнай арганізацыі, таму што і сам быў чалавекам актыўнай грамадзянскай пазіцыі і ініцыятыўным. У той своеасаблівы дзень памяці Я.Ф. Місюка Максім атрымаў членскі білет і значок, якія ўручыла юнаку першы сакратар раённага камітэта БРСМ Алена Богдзель. Яна пажадала ніколі не скарацца перад цяжкасцямі і заўсёды дасягаць сваёй мэты. Напамінам пра гэту важную падзею стане падораная кніга “Памяць”, на старонках якой расказваецца пра Я.Ф. Місюка.

Самыя шчырыя пажаданні выказала Максіму і педагог сацыяльны Шчучынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Юлія Грэсь і таксама прыпаднесла падарунак. А аднакласніца Марыя Кумпан ад імя выпускнікоў перадала віноўніку ўрачыстасці іх агульнае фота.

Рукі чалавека, які заўсёды будзе прыкладам для сваіх дзяцей і ўнукаў, пахлі хлебам і працай. Таму і яго дачка Марыя Янаўна прыйшла на сустрэчу з караваем, які спякла сама, каб пачаставаць рабят і ўсіх удзельнікаў гэтага неардынарнага мерапрыемства.

Упэўнена, гэтыя светлыя імгненні назаўсёды застануцца ў памяці не толькі родных Яна Феліксавіча, але і выпускнікоў.

-- Ведаеце, я вельмі хачу быць дастойным свайго дзядулі, -- прызнаўся Максім. – І мне таксама хочацца заслужыць ордэн. Я разумею, што для гэтага трэба шмат працаваць, але я пастараюся. А пакуль старанна вучуся. Больш за ўсё мне падабаецца гісторыя, асабліва той перыяд, калі Савецкім Саюзам кіравалі Леанід Брэжнеў, Юрый Андропаў. З цікавасцю вывучаю ўсё, што датычыць тых часоў…

Мы многа гаворым аб сацыялізацыі ў грамадстве людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аб тым, наколькі ім не хапае звычайных чалавечых зносін. Сустрэча ў першай гарадской школе – рэальны прыклад таго, як можна вырашыць гэтыя праблемы. Не заставайцеся абыякавымі, азірніцеся, магчыма, побач з вамі жывуць людзі, якія так чакаюць вашай дапамогі…

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.


Comments


Избранные посты
Недавние посты
Архив
Поиск по тегам
Мы в соцсетях
  • Vkontakte Social Icon
  • Vkontakte Social Icon

БРСМ БРПО

© 2023 Сайт создан на Wix.com

bottom of page